У Гародні адкрылі бар для веганаў



Першы бар для людзей, што не ўжываюць жывёльнай ежы і з’яўляюцца веганамі адкрылі ў Гародні. «Nesterka bar» адкрыўся на месцы былой кавярні ў драмтэатры і яго заснавальнікамі сталі 10 сяброў, большасць з якіх і самыя з’яўляюцца веганамі.

У чым асаблівасць такога бара распавёў адзін з заснавальнікаў Зміцер:

— Ён для людзей, якія не ужываюць мясных прадуктаў, вегетарыянцаў. Таксама кожны чалавек можа прыйсці і скаштаваць нашы стравы. Такога ў Гародні яшчэ няма. Мы прадаём фалафель і бургеры: бурачныя бургеры і бульбяныя бургеры. Фалафель — гэта страва цэнтральна-азіяцкай кухні. Гэта катлеты з нуту, з так званага турэцкага гароху, якія загортваюцца ў лаваш з рознай начынкай і салатай.

Адзін з наведвальнікаў бара:

—  Для нашага горада гэта ўвогуле цікава — першая такая ўстанова. Тут моладзь, усе адно аднаго ведаюць. Тут цікава сабрацца ўвечары паесці папіць піва, можа нейкія цікавыя вечарыны будуць ладзіцца.  

Першымі наведнікамі сталі прадстаўнікі гарадзенскмх СМІ і некалькі дзясяткаў гарадзенскіх веганаў і вегетарыянцаў, якія адмыслова прыйшлі на адкрыццё гэтага бара. А падымалі настрой прысутным спецыяльна запрошаныя ды-джэі.

Беларускае Радыё Рацыя