У Гародні адкрыўся экасадок



У цэнтры Гародні з’явіўся экасадок «Ветка». Такі садок пакуль адзіны на Гарадзеншчыне, і дзеткі пакуль прыходзяць сюды атрымліваць экалагічныя веды ўсяго чатыры разы на тыдзень.

Пра ідэю экасадка распавядае яго стваральніца Рыма Ушкевіч:

– Уся наша канцэпцыя трымаецца на ідэі экалагічнасці, беражлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя. Мы адразу пазіцыянуем сябе як нейкае месца, прастора, дзе мы вучымся ахоўваць навакольнае асяроддзе, любіць прыроду. Уся наша дзейнасць, кожны наш дзень гэта сцвярджае. Мы з дзеткамі залежым ад пары года. У нас у гэтым плане сапраўды быў эканакірунак, калі мы разглядаем розныя працэсы, што адбываюцца ў прыродзе, і тлумачым іх дзеткам.

Садок стаў працягам “Экастудыі”, што была створана ў абласным цэнтры год таму дзякуючы падтрымцы экалагічных арганізацый. Па словах арганізатараў гарадзенскага экасадка, яго адметнасцю з’яўляецца таксама тое, што лялькі ў ім драўляныя і вельмі экалагічныя, і дзеткі могуць дакрануцца да прыроды, адчуць кожную пару года па-свойму.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня