У Гародні адзначаць дзень Катастрофы і змагання



У Гародні, горадзе, дзе падчас Другой сусветнай вайны загінула і было вывезена ў фашысцкія канцлагеры каля трыццаці тысяч габрэяў, адзначаць Сусветны дзень Катастрофы і змагання. У гэтым годзе гэты дзень – па-габрэйску дзень Йом ха–Шоа – адзначаюць 16-га красавіка. Сёлета запланавана міжэтнічнае ўшанаванне памяці: ўскладанне кветак, а затым мерапрыемства ў галоўнай зале вялікай харальнай сінагогі. Пра тое, што азначае Шоа для габрэйскага народа, распавядае Барыс Квяткоўскі, старшыня рады габрэйскай абшчыны Гародні:

– Гэта вялікая трагедыя для ўсяго габрэйскага народа, для габрэйскай цывілізацыі. Еўрапейскае габрэйства заўсёды было лідарам у развіцці габрэйскай культуры ў цэлым і ўнесла вялікі ўклад у развіццё сусветнай культуры. Тое што адбылося – гэта гібель трэцяй часткі ўсяго габрэйскага насельніцтва зямнога шара, канешне, гэта вялікая трагедыя. Яна ніколі не павінна паўтарыцца – ні з адным народам свету. Каб нідзе і ніколі не праяўляўся ні шавінізм, ні тыя крайнія праявы нацыяналізму, якія здольныя вырадзіцца ў шавінізм, і ў рэшце ў тую ідэалогію, якая аказалася ідэалогіяй правячых вярхоў цэлай краіны.

Памяць пра Халакост і мінулае габрэйскага народу ў Гародні ўзгадваюць старыя габрэйскія могілкі на ўскрайку гораду, мемарыяльныя шыльды гета, вялікая харальная сінагога і музей на яе тэрыторыі.

Беларускае Радыё Рацыя