У Гародні адзначылі гадавіну падзей 1939 года



Непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў на Беларусі супольна з Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Гародні адзначылі 76-ю гадавіну абароны горада над Нёманам ад савецкай агрэсіі.

obrona

Прадстаўнікі дыпламатычнай пляцоўкі і польскай меншасці наведамі 16 мясцовасцей у ваколіцах горада, дзе ўсклалі кветкі і запалілі знічы на магілах загінуўшых абаронцаў Гародні ў верасні 1939 года.

Паводле гісторыка Юзэфа Пажэцкага, Гародня стала адзіным горадам на тэрыторыі Заходняй Беларусі, дзе войскі Чырвонай Арміі сутыкнуліся з узброеным супрацівам – на працягу трох дзён горад бараніўся ад савецкай навалы:

– Тут быў вялікі гарнізон Войска польскага, надавалася шмат увагі патрыятычнаму выхаванню ў школах. Гэта паспрыяла таму, што Гародня стала горадам, які, калі былі ўжо захоплены Львоў і Вільня, працягваў бараніцца, і побач з дарослымі стаяла моладзь – харцэры, школьнікі.

Ахвярамі Чырвонай Арміі ў верасні 1939 году сталі больш за 300 жыхароў Гародні, якія загінулі ва ўзброеных сутычках ці былі расстраляныя пасля ўзяцця горада. Тысячы прадстаўнікоў польскай меншасці былі высланыя ў Сібір. Такім чынам новая ўлада адпомсціла мясцоваму насельніцтву за супраціў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня