У Гародні байкеры і ДАІ закрылі мотасезон



На пляцоўцы гарадзенскага «OldCity» адбылося закрыццё байкерскага сезону.

 Мотакалона ў складзе каля сотні двуколавых машын рушыла з Румлёўскага мосту і суправаджэнні машын ДАІ даехала да пляцоўкі гандлёвага цэнтра, дзе прайшлі конкурсы і забавы.

Пра мерапрыемства распавядае прадстаўнік гарадзенскага клубу байкераў «Насарогі» Варган Аляксандраў:

— Гэтае мерапрыемства праводзіцца дзеля таго, каб у чарговы раз паказаць, што на дарогах таксама існуюць матацыклы. Мы таксама людзі, мы за бяспеку дарожнага руху. Часам не ўсе з нас карэктна паводзяць сябе на дарозе, але большасць з нас маюць сем’і і дзяцей, і таму парушаць гэтыя правілы для нас няма ніякага сэнсу. Закрыццё сезону гэта яшчэ адна нагода, каб сабрацца пакатацца, паказаць, што мы такія ёсць.

Гарадзенскі байкер і фатограф Сяргей Марозаў:

— Я ўдзельнічаю ў такіх мерапрыемствах, каб пракаціцца з сябрамі вялікай калонай па горадзе, бо гэта — рэдкая магчымасць.

Гарадзенцы, што прыйшлі на свята байкераў мелі магчымасць бясплатна пракаціцца на старым савецкім «Урале», дзеці фатаграфаваліся з вялікімі матацыкламі.

Калона байкераў пасля некалькі гадзіннага свята рушыла на сваю базу ў былой вайсковай частцы, дзе мерапрыемства працягнулася ў закрытым фармаце.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня