У Гародні Аляксандра Лаўрэнцьева засудзілі да 13 сутак арышту



Аляксандр Лаўрэнцьеў пакараны адміністрацыйным арыштам на 13 сутак.

Аляксандра Лаўрэнцьева прывезлі ў Ленінскі суд Гародні толькі а 15.00. Разгляд справы даручылі суддзю Дзмітрыю Бубенчыку. У залі суда прысутнічалі правабаронцы і журналісты, якія з раніцы чакалі гэтага працэсу. 

***

Пасля мітынгу „недармаедаў” у Гародні 15 сакавіка ўвечары быў гвалтоўна затрыманы адзін з выступоўцаў, прадстаўнік партыі АГП Аляксандр Лаўрэнцьеў.

Доўга ні родным Лаўрэнцьева, ні гарадзенскім праваабаронцам і журналістам не ўдавалася высветліць яго месцазнаходжанне. Міліцэйскія службовыя асобы адмовіліся даць такую інфармацыю, у Ленінскім раённым судзе Гародні яго старшыня Наталля Собалева, спаслаўшыся, што ў яе непрыёмны дзень, адмовілася сустрэцца з праваабаронцамі і журналістамі, каб даць нейкую інфармацыю.

Урэшце, толькі каля 12.30 стала вядома, што Аляксандр Лаўрэнцьеў знаходзіўся ў гарадзенскім ізалятары часовага ўтрымання. Яго павінны прывезці ў суд Ленінскага раёну для разгляду адміністрацыйнай справы. Але нібыта спярша павезлі ў РАУС.

Іншыя тры маладзёны, затрыманыя ўчора пасля мітынгу, былі выпушчаны з РАУСу ўвечары.

Беларускае Радыё Рацыя