У Гародні дыскутавалі на тэму „Бізнес па-беларуску: права на мову”



Якія шанцы і ці можна быць паспяховым, маючы бізнес, які абслугоўваецца беларускай мовай? Гэтыя і іншыя важныя пытанні абмяркоўвалі ў гарадзенскім дыскусійным клубе. У Цэнтр гарадскога жыцця, дзе праходзіла дыскусія „Бізнес па-беларуску: права на мову”, прыйшлі адмысловыя госці.

Ігар Случак з Гомеля даволі паспяхова праводзіць кампанію „Справаводства па-беларуску”. Некаторыя спартовыя аматары ўважаюць яго найбольш паспяховым менеджэрам беларушчыны за апошнія гады.

Ігар Случак:

– Хоць і няма ніякага спрыяння, але трэба рабіць і рабіць, і спадзявацца на тое, што вынік будзе. З тым жа гандлем, з тымі ж упакоўкамі і этыкеткамі – іх з кожным годам становіцца болей, бо ўсё ж такі шмат залежыць ад людзей. І людзям трэба прыкладаць намаганні. Калі дзяржава не хоча дапамагаць нам, дык мы павінны самі, сваімі сродкамі, сваімі сіламі гэта рабіць. І калі казаць пра прыклады паспяховага змагання… Дык вось, напрыклад, з тымі ж футбольнымі клубамі. Яшчэ пару гадоў таму беларускай мовы на стадыёнах амаль не было.

Найбольш актыўна выкарыстоўваюць беларускую мову два футбольныя клубы вышэйшай лігі: гарадзенскі „Нёман” і менскае „Дынама”.

Тэма выкарыстання беларускай мовы ў Гародні застаецца вострай у параўнанні з шырокім распаўсюдам расейскай мовы.

Кажа вядоўца дыскусіі Уладзімір Хільмановіч:

– Я думаю, што тэма – права на мову ў спажыванні, у гандлі – гэта неад’емнае права любога народу, любога чалавека. І я думаю, што гэтая тэма актуальная не толькі для Гародні, паколькі апошнім часам усё больш шырыцца і змаганне за беларускамоўную прадукцыю, за права атрымання інфармацыі ў гандлёвых кропках, у іншых сферах паслуг па-беларуску, так і запатрабаванне з боку людзей, духоўнае, таму што людзі вяртаюцца да каранёў, і бізнесоўцы таксама, бо гэта частка нашага грамадства – людзі, якія займаюцца бізнесам.

Падчас дыскусіі выступалі людзі розных заняткаў, якія ўжываюць у працы беларускую мову. Гэта пасажырскія перавозчыкі, работнікі сферы турыстычнага бізнесу, гандляры будаўнічымі матэрыяламі.

Выснова дыскусіі: беларуская мова пашыраецца, але пераважна дзякуючы прыватным ініцыятывам.

 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя