У Гародні гаварылі пра аборт і яго наступствы



Гарадзенскі цэнтр абароны жыцця і сям’і “РадзіМа” супольна з дабрачынным фондам “Адкрытыя сэрцы” і Гарадзенскай праваслаўнай епархіяй зарганізавалі сустрэчу-семінар “Актуальныя праблемы аказання дапамогі цяжарным жанчынам у крызіснай сітуацыі. Айчынны і міжнародны вопыт”. Праблематыка здзяйснення абортаў жанчынамі і наступствы такіх дзеянняў сталі галоўнай тэмай сустрэчы, якая сабрала медыкаў, псіхолагаў, святароў і прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, якія вядуць працу па прадухіленні забойства ненароджаных дзяцей. Як зазначыла старшыня цэнтра абароны жыцця і сям’і “РадзіМА” Марына Валачкова, у сучасным беларускім грамадстве праблема абортаў з кожным годам становіцца ўсё больш актуальнай:

– Страшна… Каго мы баронім і ад каго? Дзяцей ад сваёй мамы, таты, лекара, рукамі якога робіцца аборт. Заўсёды мамы былі гатовы аддаць сваё жыццё дзеля дзяцей. Любой нармальнай маме скажы – яна будзе гатова ахвяраваць сабой дзеля жыцця дзіцяці. А сёння мама – галоўны вораг сваіх дзяцей.

Паводле дадзеных дабрачыннага фонда абароны жыцця і сям’і “Адкрытыя сэрцы”,  штогод у Беларусі здзяйсняецца каля трыццаці тысяч абортаў. Адна з галоўных прычын, якую агучваюць жанчыны, ідучы на такі крок – недахоп фінансавых сродкаў на ўтрыманне дзяцей.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня