У Гародні міліцыянты хацелі забраць пенсіянера з бальніцы



Міліцыя спрабавала забраць з гарадской бальніцы №1 у пастарунак сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі з Гародні Мікалая Саляніка.

Каля 19-й гадзіны вечара, у нядзелю, старэйшы лейтэнант міліцыі Аляксей Вайцешка разам з калегам (імя якога не ўдалося высветліць) з прад’яўленнем пасведчанняў спрабавалі забраць яго з аддзялення бальніцы. 

Мікола Салянік распавёў пра візіт міліцыянтаў:

– Я хворы чалавек, знаходжуся на лячэнні, і ні з кім размаўляць не буду. Хочаце, забірайце мяне гвалтам але забяспечце мне ўмовы. У мяне запаленне лёгкіх, мне патрабуецца лячэнне ў стацыянары. Калі вы будзеце настойваць, то майце на ўвазе, што я прымаю і псіхатропныя лекі, я за сябе адказваць не магу і магу аказць фізічны супраціў.

На думку Міколы Саляніка, міліцыя спрабуе ізаляваць яго перад 25 сакавіка. Цяпер актывіст праходзіць лячэнне ад пнеўманіі ў аддзяленні пульманалогіі першай гарадской бальніцы Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня