У Гародні пачаўся Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс



«Эўхарыстыя — школа міласэрнасці!» Пад такім дэвізам ў Гародні пачаўся Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс. На кангрэсе прысутнічаюць ці ня ўсе каталіцкія іерархі Беларусі. Шмат святароў ды прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў. Рыма-каталіцкая Царква ў Беларусі перажывае значную дату — 25 год таму была створана Гарадзенская дыяцэзія.

Кажа мітрапаліт, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

— Гісторыя устанаўлення Гарадзенскай дыяцэзіі, яе паўстання вельмі складаная. Па-праўдзе кажучы яна павінна была з’явіцца яшчэ перад Другой сусветнай вайной, але вайна перашкодзіла, а потым пераслед веры, але дзякуй Богу — 25 гадоў і Бог яшчэ раз паказаў, што ён умее пісаць проста на закручастых лініях гісторыі і ставіць апошнюю кропку над “і”. 25 гадоў — гэта срэбны юбілей, як бы там ні было. Таму мы з радасцю адзначаем у розных дыяцэзіях, а сёння ў Гарадзенскай дыяцэзіі ў гэтыя дні, і усё гэта спалучана з Еўхарыстычным кангрэсам, бо еўхарыстыя — гэта цэнтр жыцця Касцёла, гэта цэнтральны сакрамэнт.

Урачыстае адкрыццё нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу пачалося з Нацыянальнага гімну Беларусі: «Магутны Божа». З вітальнымі словамі выступіў біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч. Які сказаў пра доўгі шлях да стварэння дыяцэзіі. На кангрэсе прысутнічае легат Папы Францішка кардынал Зянон Грахалеўскі.

Кангрэс будзе трываць тры дні, да 26 га траўня — Свята Божага Цела.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя