У Гародні падчас будаўнічых працаў знайшлі чалавечыя косці



Чалавечыя парэшткі былі выяўленыя каля рэзідэнцыі праваслаўнага біскупа на беразе Гараднічанкі.

Здымкі з чэрапам даслаў чытач belsat.eu, патлумачыўшы, што заўважыў парэшткі пару дзён таму. На  жаль, калі журналісты трапілі на месца, чэрапа ўжо не было, але побач з траншэяй будаўнікоў сям-там былі раскіданыя косткі.

Як мяркуе гісторык Ян Лялевіч, гэта можа быць «рэха» пахаванняў пры праваслаўнай царкве св. Міколы, якая тут стаяла яшчэ ад часоў Сярэднявечча. Ужо ў сярэдзіне XVIII ст. ад той царквы засталіся толькі крыж ды могілкі.

Пазней, ў ХІХ ст. пры Архіерэйскім падворку (палац Валіцкага) існавала царква Іаана Прадвесніка, – працягвае гісторык, – Яна добра бачная на малюнках Напалеона Орды. Цалкам магчыма, што нейкія пахаванні былі і пры ёй.

Паводле закону, пра любыя знойдзеныя чалавечыя парэшткі грамадзяне маюць паведамляць у міліцыю. Пры гэтым цалкам магчыма, што будаўнікі свядома хаваюць падобныя знаходкі, каб не замаруджваць працы з-за прысутнасці міліцыянтаў або археолагаў.

Фота: Белсат