У Гародні прайшла традыцыйная працэсія Божага Цела



Тысячы гарадзенскіх каталікоў прынялі ўдзел у працэсіі, прысвечанай урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана. Сёлетняе свята супала з правядзеннем у Гародні нацыянальнага Еўхарыстычнага кангрэса, у сувязі з чым ва ўрачыстасцях Божага Цела прынялі ўдзел не толькі іерархі беларускага каталіцкага касцёла, але і кардынал Зянон Грахалеўскі — спецыяльны пасланнік Папы Рымскага Францішка. Госць з Ватыкана зазначыў, што тысячы людзей на вуліцах Гародні — сведчанне моцнай каталіцкай веры ў іх сэрцах:

— Касцёл у Беларусі сапраўды быў моцна прыгнечаны ў часы камунізму, яны сапраўды перажылі шмат клопатаў і пакутаў, а цяпер толькі цешыцца, што яны могуць паказаць сваю радасць веры, радасць да Пана Бога, радасць таго, што яны належаць да касцёла.

Вернік

—  Я з лідскай грэка-каталіцкай парафіі. Мы прыехалі, каб разам з гарадзенцамі адсвяткаваць гэтае свята ў еднасці з усім Касцёлам. Узрадавацца ў гэты дзень хвалы, калі ў асабісты спосаб ушаноўваецца цела і кроў Хрыста.

ксёндз-біскуп Юзэф Станеўскі, дапаможны біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі:

—  Людзі сёння не баяцца ісці за Хрыстом і абвяшчаць сваю прыналежнасць да Касцёла публічна. І гэта вельмі нас радуе, бо штогод усё больш і больш вернікаў прыходзяць, каб разам пачуцца адным, сілай, а таксама, тым самым, адзін аднаго падбадзёрваць.  

Падчас правядзення ўрачыстасцяў Божага Цела гарадзенскія каталікі пераказалі праз кардынала Зянона Грахалеўскага запрашэнне для Папы Рымскага Францішка наведаць Беларусь і сталіцу каталіцкага жыцця – Гародню.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня