У Гародні прайшоў дабрачынны фестываль



У гарадзенскай антыкавярні “Жывы час” адбыўся дабрачынны фестываль у падтрымку праекта “Дагляд сясцёр за дзецьмі-сіротамі ў шпіталі”. Грошы, якія на працягу дня ахфяравалі наведвальнікі папулярнага ў горадзе месца адпачынку, будуць пераказаныя ў Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа для падтрымкі праекта дабрачыннасці, што, па словах саўладальніцы антыкавярні Кацярыны Забелінай, у сучасным грамадстве з’яўляецца справай неабходнай і карыснай:

–  Увогуле, мы гатовы падтрымліваць розныя ідэі ў той ступені, наколькі мы можам гэта сабе дазволіць. Мы палічылі, што дадзенае мерапрыемства неабходна падтрымаць, максімальна ў ім паўдзельнічаць. Калі гаворка ідзе пра дабрачынныя мерапрыемствы, то гэта ўжо другое па ліку. Першае было для дзяцей-інвалідаў. Сэнс тут вельмі глыбокі: мы павінны дапамагаць адзін аднаму. Калі чалавек мае чым падзяліцца з іншым, то трэба падзяліцца.

У межах дабрачыннага фестывалю адбыліся майстар-класы для дзяцей і дарослых па сучаснаму танцу, вырабу народных лялек і лепцы з палімернай гліны. Асобна для дзяцей арганізатары прапанавалі вялікую забаўляльную праграму, заняткі па маляванню ў розных тэхніках і аплікацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня