У Гародні прайшоў конкурс інсцэнізацыі польскага верша



Агульнарэспубліканскі конкурс інсцэнізацыі польскага верша прайшоў у Гародні. Удзельнікі – больш за 150 дзяцей з Менска, Берасця, Магілёва, Гародні ды іншых гарадоў. Гучалі вершы Тувіма, Бжэхвы, Кавальскай ды іншых вядомых польскіх паэтаў.

Як зазначае старшыня журы конкурсу Марыюш Ажэлэк, дзеці з усёй Беларусі паказалі не толькі добрае валоданне польскай мовай, але і прадэманстравалі свае тэатральныя здольнасці:

– Кожная такая сустрэча, дзе дзеці могуць выступіць на сцэне, паказаць сваю вялікую працу, ёсць выдатнай нагодай інтэграваць гэтае асяроддзе. У гэтым і ёсць значнасць такой сустрэчы. Усе дзеці заўсёды на сцэне найлепшыя. Тут гавораць па-польску, працягваюць польскія традыцыі. Дзеці хочуць забаўляцца па-польску, думаць па-польску. І гэта важна.

Перамогу ў конкурсе інсцэнізацыі польскага верша атрымалі вучні гарадзенскай школы №36 з польскай мовай навучання, якія прадставілі гледачам верш Дануты Геллерт “Аднойчы ішлі мышы”. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі ад арганізатараў прызы і абяцанні праз год зноўку сустрэцца на гэтым конкурсе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня