У Гародні прэзентавалі праект “Разам супраць дыскрымінацыі”



Каміэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” запрэзэнтаваў у Гародні праект “Разам супраць дыскрымінацыі”, якую беларуская ўлада ўсё часцей выкарыстоўвае ў барацьбе з іншадумцамі.

На сустрэчы з грамадскасцю былі прадстаўленыя відэаматэрыялы, якія падцверджваюць факты звальнення прадстаўнікоў акадэміцкай супольнасці і незалежных прафсаюзаў па палітычных матывах, а таксама прыклады пераследу актывістаў пазаўрадавых арганізацый.

Як зазначыла старшыня камітэту „Салідарнасць” Іна Кулей, сённяшняя беларуская ўлада выкарыстоўвае дыскрымінацыю насельніцтва ў даволі шырокім фармаце:

– З кожным годам улада прыдумляе новыя формы рэпрэсій, каб запалохаць сваіх грамадзянаў. Дыскрымінуюць па розных прыкметах: па ўдзелу ў вольным прафсаюзе, па напісанні адмысловай гісторыі, напрыклад, як гарадзенскіх выкладчыкаў з універсітэта, былі палітычныя прызывы ў войска. Мы падвялі вынікі, падсумавалі, прааналізавалі і хацелі засяродзіць увагу грамадзян, актывістаў і не толькі, на тым, што змагацца з гэтымі прыкладамі трэба.

Падчас сустрэчы ў Гародні палітолаг Андрэй Фёдараў запрэзэнтаваў жыхарам горада праект “Беларусы выбіраюць Еўропу”, які рэалізуецца супольна з Беларускім домам у Варшаве. На прыкладзе статыстычных дадзеных аўтары праекта   зрабілі аналіз перавагі развіцця краіны ў агульнаеўрапейскім накірунку. Кожны прысутны атрымаў друкаваныя матэрыялы, якія абгрунтоўваюць такі выбар.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня