У Гародні пройдзе Hrodna Media Weekend



24-25 верасня ў Гародні адбудзецца вялікі Hrodna Media Weekend. На яго запрошаны журналісты і блогеры, прадстаўнікі грамадскіх ініцыятыў, якія маюць уласныя медыйныя праекты, з розных куткоў Беларусі.

Пра будучае мерапрыемства распавядае яго арганізатар, старшыня праўлення Цэнтр “Трэці Сектар” Вітаўт Руднік:

– Разлічаны ў першую чаргу на людзей, якія прадстаўляюць медыйныя праекты. Гэта могуць быць журналісцкія і грамадскія праекты ў самых розных сферах. І галоўная ідэя – даць людзям магчымасць абмяняцца досведам, убачыць адзін аднаго, паслухаць экспертаў, якія будуць казаць пра пэўныя трэнды, тэхналогіі, звязаныя з  тэмай як развіваць медыйныя рэсурсы не толькі з пункту гледжання сённяшняга дня, але і з пункту гледжання дня заўтрашняга. Таму ў другі дзень, напрыклад, запланавана дыскусія з прадстаўнікамі рэгіянальных медыя праектаў , якія якраз і будуць разважаць пра тое, як будзе выглядаць медыйны рынак у 20-м годзе.

На Media Weekend будуць цікавыя майстар-класы ад беларускіх ды замежных экспертаў, прэзентацыі, дыскусіі, інтэграцыйныя імпрэзы. Арганізатары спадзяюцца, што гэта сустрэча будзе цікавая не толькі маладым журналістам, але і журналістам з досведам. Каб стаць яе ўдзельнікам, трэба зарэгістравацца праз адмысловую форму на інтернет-старонцы мерапрыемства.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота grodno.in