У Гародні развітваюцца з мільянерамі



На выставе “Бывай мільянер”, што працуе ў Новым замку Гародні, сабралі больш за 250 банкнотаў, што мелі абарачэнне на Гарадзеншчыне ў розныя эпохі. Наведнікі могуць падзівіцца рэдкімі банкнотамі, а таксама трапіць у эпоху савецкага часу і пабачыць прадметы з коштамі: тэлевізар і шафа, ровар і бутэлька піва, варэнне і цыгарэты.

v10

Выставу прымеркавалі да дэнамінацыі беларускага рубля.

Кажа куратар выставы гісторык Андрэй Вашкевіч:

– Грошы, як правіла, паказваюць па-рознаму. Проста выкарыстоўваюць грошы, як ілюстрацыю нейкай гістарычнай эпохі, таму што грошы – гэта і сведчанне нейкай ідэалогіі, калі меркаваць па тым, што на іх адлюстравана. Гэта і адлюстраванне пэўных мастацкіх густаў. Але нам хацелася ўплесці грошы ў сістэму таварна-грашовых адносін, гэта значыць, паказаць не проста грошы, а тое, што рэльна за іх можна было купіць, колькі людзі зараблялі, і канешне, такая выстава ўпершыню.

Самыя адметныя і старажытныя грошы, якія можна пабачыць у экспазіцыі – банкноты канца 18 стагоддзя, якія хадзілі на Гарадзеншчыне пад час паўстання Тадэвуша Касцюшкі.

Беларускае Радыё Рацыя