У Гародні святкуюць Дзень Святога Губерта



3 лістапада ў Гародні распачалося святкаванне Дзён Святога Губерта. Святы Губерт – хрысціянскі святы і патрон гораду. У гэты дзень узгадваецца духоўны подзвіг чалавека, які на працягу ўжо 13 стагоддзяў служыць узорам самаўдасканалення. Гарадзенцы святкуюць гэты дзень цягам 10 апошніх год.

swhubert

Пра ролю Святога Губерта распавядае грэка-каталіцкі святар з Гародні – айцец Андрэй Крот:

– Святы Губерт – гэта чалавек, які вельмі падобны да людзей нашага часу. Ён жыў у эпоху пераменаў, у эпоху крызісаў. І ён знайшоў свой хрысціянскі шлях. Тым больш, што гэта святы, які мог бы яднаць жыхароў Гародні, бо ён шануецца і каталікамі, і некаторымі праваслоўнымі. Вось, напрыклад, у Бельгійска-Брусельскай епархіі праваслаўнай царквы ён шануецца як мясцовы святы, бо ён быў святым яшчэ да падзелу хрысціянства.

У гэтым годзе гарадзенцы адзначаюць дзень Святога Губерта некалькімі мерапрыемствамі. У галерэі “Крыга” і Цэнтры гарадскога жыцця адкрылася выстава мастака Паўла Татарнікава, а праз некалькі дзён адбудзецца прэзентацыя гістарычнага выдання “Гарадзенскі Соцыюм” і ўручэнне штогадовай прэміі лепшаму гісторыку горада.

Беларускае Радыё Рацыя