У Гародні вучылі лекавацца зёлкамі



Біёлаг Алесь Спіцын распавёў у гарадзенскай “Цудоўні” пра лекаванне зёлкамі. Сустрэча пад назвай “Зёлкі беларускія” гэтым разам была прысвечана лекаванню зёлкамі сасудаў. Па словах адмыслоўца, вялікую колькасць хваробаў можна лекаваць менавіта зёлкамі:

– Лекаванне зёлкамі з’яўляецца эфектыўным. Гэта не адмаўляе эфектыўнасці сучаснай медыцыны, сучасных методык. Але зёлкі, насамрэч, у нейкай ступені, можна сказаць, гэта яшчэ не лекаванне. Зёлкі – гэта частка здаровага харчавання.

Уладзімір Пруднікаў, лекар: Канешне, усё залежыць ад таго, якая хвароба, які дыягназ. А ўжо пасля трэба вырашаць: ці зёлкамі лекаваць, ці лекаваць пігулкамі, мікстурамі, ін’екцыямі, ці нейкімі іншымі складанымі, высотэхналагічнымі метадамі. Але зёлкі таксама як лекавы сродак магчымы для ўжывання.

Гэтая была ўжо другая сустрэча ў Гародні прысвечаная зёлкам і арганізатары спадзяюцца, што падобныя сустрэчы пра беларускія зёлкі і надалей будуць цікавыя гарадзенцам.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара