У Гародні завяршыў працу Універсітэт Залатога веку



У Гародні завяршыў працу шосты акадэмічны год Універсітэта Залатога веку. Такі спосаб працягу вучобы ды далучэння да грамадскіх спраў сёлета зацікавіў 180 чалавек, якія займаліся ў 24 секцыях.

Кажа Ганна Барадзіна, асістэнт дырэктара Універсітэта Залатога веку:

– Калі так паглядзець увогуле ў горадзе, у Беларусі, што робіцца для сталых людзей, якіх мы заўважылі, што апошнім часам у нас практычна чвэрць насельніцтва, то гэта зусім мала. Людзей спісваюць з рахункаў, вы выйшлі на пенсію, не працуюць, не прыносяць нейкай грамадскай карысці, як бы лічыцца. Таму атрымалася так, што мы гэта заўважылі, не толькі мы, але мы першыя рызыкнулі і пачалі.

На ўрачыстасці, дзе былі ўручаны пасведчанні пра заканчэнне акадэмічных курсаў – гучаў гімн „Магутны Божа” калектыва навучэнцаў гэтага ўніверсітэта.

На пятым фэсце нефармальнай адукацыі, які праходзіў у Менску напрыканцы мінулага года, гарадзенскі Універсітэт Залатога веку быў прызнаны лепшай адукацыйнай падзеяй года ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня