У Гародні з’явіцца “Майстэрня ведаў”



У “Гарадзенскай майстэрні ведаў, якая з’явіцца ў горадзе ўвосень 2016 года, любы жадаючы можа як падзяліцца карыснымі ведамі, так і бясплатна атрымаць новы досвед і ўменні.

Выкладчыкам можа стаць кожны чалавек, які зможа заявіць сваю тэму для навучання, і кожны ахвотны – прыняць удзел у навучанні.

Пра адметнасці такой “школы” распавядае яе каардынатарка Вольга Галецкая:

– Гэта першы такі праект у Гародні, яго сутнасць у тым, што кожны чалавек можа стаць выкладчыкам, можа данесці нейкую ідэю да іншых, расказаць пра тое, што яму цікава. Можа стаць трэнерам, а можа паспрабаваць свае сілы ў правядзенні заняткаў. Хацелася б, каб гэта былі заняткі, прысвечаныя грамадска-карысным ідэям, праектам, накіраваным на грамадзянскую адукацыю.

Заняткі будуць адбывацца на працягу дня ў некалькіх месцах у выглядзе  майстар-класаў, прэзентацый, лекцый, трэнінгаў працягласцю 1-2 гадзіны, яны будуць накіраваныя на атрыманне новых ведаў і кампетенцый, якія будуць спрыяць самарэалізацыі чалавека.

Стаць выкладчыкам ці наведнікам курсаў магчыма праз суполкі Майстэрні ў ФБ і ВК.

Арганізатарам гэтай майстэрні ў Гародні з’яўляецца установа “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетенцый”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота edustudio.by