У Гародню завітала „Лямцавая батлейка”



„Лямцавая батлейка” дала дзве пастаноўкі ў Гародні. Лялечны спектакль „Мама Му ў басейне” – гэта працяг гісторыі персанажаў твораў швецкай пісьменніцы Юі Вісландэр. Першая пастаноўка была паказана для дзетак і дарослых у капліцы грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай.

Сваімі эмоцыямі дзеліцца святар Андрэй Крот.

– Я вельмі задаволены, бо прыйшло шмат гасцей: гэта нашы парафіяне, сябры парафіі, людзі, з якімі мы маем нейкія кантакты. І мы менавіта для іх хацелі стварыць гэтае свята, паказаць наш спектакль. Будуць яшчэ спектаклі ў горадзе, але мы хацелі вось так адмыслова вызначыць сённяшні.

Вераніка Фаміна:

– Гэта маленькі самадзейны праект, які дазваляе хуценька сабрацца, прыехаць і паказаць вясёлы спектакль.

Другая пастаноўка была паказана ў абласной бібліятэцы імя Карскага. Яна была арганізаваная сумесна з дзіцячым хоспісам.

https://www.youtube.com/watch?v=elygYSA9rfk&feature=youtu.be

Таксама артысткі „Лямцавай батлейкі” Бэла Кавалькова і Вераніка Фаміна з Менска наведалі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота і відэа аўтара