У Глыбокім пачаўся мотапрабег „Мір і Памяць”



Мітынг, прысвечаны пачатку мотапрабегу „Мір і Памяць”, прымеркаванага да  Дня Перамогі , адбыўся ў Глыбокім. Ён стартаваў 7-га траўня,  а завершыцца  9-га ва ўрочышчы Барок у Глыбокім. Там пахавана людзей падчас Другой сусветнай  вайны больш, чым жыве зараз у горадзе. Байкеры і матацыклісты праедуць тры вобласці  – Віцебскую, Менскую і Гарадзенскую. Удзельнікі мотапрабегу наведаюць  месцы воінскіх пахаванняў, ускладуць кветкі і ўшануюць памяць загінулых. Па словах кіраўніка Глыбоцкага аддзялення клуба  “The Hooligans MC” Аляксандра Хілько,  асноўная  мэта мотапрабегу – захаванне гістарычнай памяці аб Другой сусветнай вайне.

– У гэтым годзе мы пашыраем геаграфію нашага мотапрабегу – праязджаем тры вобласці, 9 траўня плануем быць тут, каб прывезці весткі з іншых гарадоў, вёсак пра перамогу нашага народа. Мы глыбока перакананыя, што вайна – вялікае зло, якое не павінна быць на гэтай зямлі. Мы павінны ехаць, мы павінны яшчэ і яшчэ раз даказваць, што вайне не быць.

Арганізатарамі мотапрабегу з’яўляюцца мотаклуб «The Hooligans MC» і Глыбоцкі райвыканкам, а яго ўдзельнікамі – байкерскія клубы Беларусі, Расеі і блізкага замежжа, а таксама вольныя байкеры.

Беларускае Радыё Рацыя