У Глыбокім прайшла дабрачынная вечарына



“Мелодыя музыкі і слова” – дабрачынная літаратурна-музычная вечарына адбылася ў Глыбоцкім доме культуры. У ёй прынялі ўдзел мясцовыя паэты, музыкі, літаратары. Падчас імпрэзы паэты чыталі свае вершы, а вакалісты выконвалі песні на іх творы. Таксама былі ўганараваныя граматамі  за папулярызацыю беларускай мовы і нацыянальнай беларускай прозы і паэзіі  паэткі Марыя Баравік і Ганна Зінкевіч.

Па словах ганаровага госця, беларускага пісьменніка Віктара Праўдзіна, звычайна як паэты, так і празаікі  становяцца шчаслівымі ўжо ад таго, што іх творы прачытае хоць адзін чалавек, якому яны прынясуць задавальненне.

– Слова точыць, слова робіць. Мы робімся іншымі. Не тое, што дабрэйшымі, а мы больш усведамляем, што жыццё – гэта не толькі хлеб, сала і сённяшні даляр. Калі ты не адчуеш нешта добрае ў сваім сэрцы, то ці варта тады ўсё гэта?..

Усе сродкі, атрыманыя ад продажу квіткоў у выглядзе журавоў, будуць  накіраваныя на закупку аўтамабіля для інвалідаў. Па словах дырэктара Глыбоцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алы Стоцік, яшчэ не хапае каля сямі мільёнаў рублёў на куплю самога аўтамабіля і 11 мільёнаў – пандуса да яго.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі