У Глыбокім прайшла сустрэча з Анатолем Гуляевым



“Нельга прымусіць людзей выконваць журналісцкую этыку, гэта на сумленні кожнага”, – так выказаўся на сустрэчы з журналісцкай супольнасцю і грамадскімі актывістамі ў Глыбокім Анатоль Гуляеў.  Ён зазначыў, што немагчыма прымусіць людзей быць маральнымі, як і быць свабоднымі.

Па словах старшыні камісіі па этыцы грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Анатоля Гуляева, асноўныя пытанні, якія разглядае камісія, датычыцца некарэктнага выкарыстання чужой інфармацыі.

– Досыць цяжкая праблема для Беларусі. У суседняй Літве калегі пераконваюць мяне, што яны гэта перажылі, а мы яшчэ не. Гэта першае. Другое – гэта праца з крыніцамі інфармацыі. І трэцяе – праблема мовы сродкаў масавай інфармацыі.

У Глыбокім Анатоль Гуляеў узгадаў гісторыю стварэння першага закона аб свабодзе слова і этычных кодэксаў. Нагадаў пра тры выпадкі ў сусветнай гісторыі, калі журналісцкая этыка дапамагла спыніць войны: англа-бурскую, в’етнамскую і першую чачэнскую. А таксама параіў пачытаць кнігі вядомых аўтараў пра “стандарты”, “экспрэсію” мовы, інфармацыйную вайну і беларускую нацыю.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі