У Глыбокім прайшло свята выпускнікоў



Урачыстасць маладосці і прыгажосці, сяброўства і вернасці – свята выпускнікоў 2016 года прайшло ў Глыбокім. На агульнагарадское мерапрыемства  на цэнтральную плошчу горада сабраліся выпускнікі школ раёна, іх бацькі, настаўнікі і жыхары горада.

vypuskny_5

Развітанне са школай звычайна выклікае дваякае пачуццё – пачуццё суму і радасці адначасова,  – кажуць выпускнікі:

– Я адчуваю адначасова і радасць, і смутак, таму што ў гэтым месцы я правяла 11 год. А зараз маё жыццё ў адну хвіліну зменіцца. Вельмі цяжка вырашыць што ты хочаш. Кожны выпускнік – гэта герой, які праходзіць праз столькі выпрабаванняў.

– Змешаныя пачуцці. Усё ж такі 11 год мы пражылі разам, а тут ужо трэба развітвацца і са школай, і з сябрамі, і з настаўнікамі і нават з бацькамі.

Падчас свята былі ўручаныя грашовыя прэміі і памятныя падарункі выдатнікам вучобы і пераможцам абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Для выпускнікоў быў зладжаны канцэрт, удзел у якім прынялі і іх бацькі.  А наперадзе маладых людзей чакае цэнтралізаванае тэставанне і паступленне ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтара