У Глыбокім развіталіся з летам



У межах свята, якое прйшло на галоўнай плошчы горада, былі арганізаваныя разнастайныя атракцыёны, конкурсы для дзяцей і моладзі, выстава кніг, дэманстрацыя мультфільмаў, батлейка, школьны кірмаш, а таксама выстава кампазіцый з кветак арганізацый і прадпрыемстваў горада. Уражаннямі ад свята дзеляцца яго ўдзельнікі:

– Як глыбачане мы ўсе любім нашы святы і Дзень кветак – гэта развітанне з летам. Прыемны настрой і трохі сумны.

– Праходзілі, глядзелі на кветкі – прыгожа.

– З Тульскай вобласці. Прыгожа – кветак шмат. Зручны горад, добрыя людзі, усе ветлівыя, адносіны цудоўныя. У нас няма такога свята, як развітанне з летам. Найбольш спадабаліся вырабы дзіцячых садкоў і школаў.

– Усё вельмі спадабалася, усё вельмі прыгожа. „Зорнае неба” вельмі прыгожая кампазіцыя.

– Весела, нібы ў дзяцінства вяртаешся.

– Вельмі рамантычная кампазіцыя мясакамбіната. Я з Ізраілю прыехала. Такіх масавых гулянняў не бывае, акрамя Дня Незалежнасці, мы адзначаем салютамі са сцягамі, а так сямейныя святы, рэлігійныя, якія мы адзначаем з сям’ёй, але такіх святаў няма.

Прысутныя маглі паслухаць канцэрты, паглядзець тэатралізаванае прадстаўленне, прыняць удзел у майстар-класах па пляценні паясоў, вырабе з саломкі і гліны, роспісе маляванак. Свята развітання з летам скончылася дыскатэкай для моладзі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара