У Глыбокім завершыўся вішнёвы фэст



Чацвёрты па ліку вішнёвы фэст завершыўся ў Глыбокім. За шэсць дзён у горадзе прайшло шмат разнастайных мерапрыемстваў. Але, па словах саміх глыбачанаў і гасцей горада,  на гэтае свята дастаткова і двух дзён. Менавіта тады ён будзе на радасць многім і на яго не прыйдзецца ісці некаторым, як кажуць у народзе, у прымусова-добраахвотным парадку па распараджэнні ўладаў. Ды і інваліды, можа, знойдуць магчымасць прыехаць на свята самі, а не па распараджэнні старшыні райвыканкама. У гэтым годзе кіраўнік раёна Алег Морхат даў распараджэнне саццэнтру хаця б па  некалькі інвалідаў прывозіць на свята кожны дзень.

Але ў асноўным наведвальнікі свята характарызуюць яго станоўча.

Добрае свята. Мне падабаецца. Добрыя ўражанні, весела, шмат людзей. Ёсць на што паглядзець.

– Выдатна, што ў нас праходзяць такія святы. Мне як жыхару Глыбокага вельмі падабаецца.

– Калі шчыра, то бываю рэдка. Так атрымалася, што дзіця захацела пайсці. Свой горад – усё падабаецца. Добра, што прыязджаюць госці, збіраюцца людзі. Гэта добры фестываль для грамадства.

Падчас вішнёвага фэсту ў Глыбокім  прайшлі тэматычныя дні, якія былі прысвечаны спорту, моладзі, грамадскім аб’яднанням, творчасці. Самы насычаны па мерапрыемствах быў заключны дзень, у які адбылося ўрачыстае шэсце, выстава-дэгустацыя страў з вішань, адкрыццё скульптуры “Сям’я”, конкурс баяністаў, прэзентацыя адзення з лёну ды іншыя. Скончылася свята эстраднай праграмай і феерверкам.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае