У Гомелі абмеркавалі, як можна папулярызаваць горад



«Гомель – аўтсайдэр з пункту гледжання турыстычных патокаў», – такое меркаванне выказаў маркетолаг Аляксей Харкевіч падчас дыскусіі «Брэндынг: як і навошта папулярызаваць Гомель». Аналітык сцвярджае, што беларусы рэдка наведваюць абласны цэнтр.

— Мы выглядаем зусім непрыгожа ў параўнанні з іншымі гарадамі Беларусі. Турыстычныя патокі — гэта інвестыцыі, развіццё гандлёвай інфраструктуры, прадпрыемстваў грамадскага харчавання, продажу паслуг, гатэляў і так далей. Адпаведна, няма прытоку інвестыцый, няма даходаў у гарадскі бюджэт, складаней даглядаць дарогі, будаваць інфраструктуру.    

Эксперт установы «Стратэгічная думка» Аляксей Харкевіч мяркуе, што негатыўную сітуацыю з малой колькасцю турыстаў можна паправіць праз стварэнне брэнда Гомеля.

Гісторык Яўген Малікаў заўважае, што ў абласным цэнтры некалькі патэнцыйных брэндаў. Паводле эксперта, адзін з паспяховых вобразаў Гомеля – драўляная забудова.

— Патэнцыйныя брэнды звязаныя з гісторыка-культурнай спадчынай. Драўляна-разбяны дэкор абсалютна не задзейнічаны, але гэта ўжо не галосны брэнд горада. Да нас прыязджаюць турысты з іншых гарадоў і часта просяць сваіх экскурсаводаў: «А пакажыце нам тыя старыя дамкі з вашай незвычайнай разьбой». Што сведчыць, што гэта ўжо з′яўляецца брэндам.    

Пытанні брэндынгу абласнога цэнтра прысутныя разглядалі з гісторыкам Яўгенам Малікавым і маркетолагам Аляксеем Харкевічам. Мерапрыемства прайшло ў межах ініцыятывы «Цэнтра рэгіянальнага развіцця ГДФ».

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель