У Гомелі АМАП замест Андрэя Стрыжака затрымаў Арцёма Шапарава



У Гомелі 17 сакавіка каля 18.20 АМАП па памылцы затрымаў блогера Арцёма Шапарава. Ён вяртаўся дадому з пасяджэння суда Цэнтральнага раёна, які разглядаў адміністрацыйныя справы грамадзян за ўдзел у „Маршы недармаедаў” 19 лютага. Арыштам на 10 сутак завочна быў пакараны актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак. Ён не прысутнічаў на судзе па ўважлівай прычыне, пра што паведаміў суду. Тым не менш суддзя Сяргей Кармановіч справу разгледзеў і вынес вердыкт.

„Сустрэлі мяне каля дома. Яны былі ў форме АМАПа. Прадставіліся невыразна, прапанавалі хутка прайсці ў аўтамабіль. Пачалі ў аўтамабілі пытацца, чаму я схаваўся ад суда, і называлі мяне Андрэем Стрыжаком. Растлумачыў, што я не Стрыжак, паказаў пашпарт. Яны патэлефанавалі начальству, тыя сказалі ўсё роўна прывезці мяне ў Цэнтральны РАУС. Там праверылі пашпарт і адпусцілі”, — паведаміў БелаПАН блогер.

belapan.by

Фота gomelspring.org