У Гомелі на месцы старых могілак можа паўстаць жылы комплекс



Гомельскія архітэктары і гісторыкі б’юць трывогу: на месцы старых габрэйскіх могілак можа паўстаць жылы комплекс. У гістарычным цэнтры Гомеля, на перакрыжаванні вуліц Валатаўской і Сожскай, запланаванае будаўніцтва шматпавярховіка. Гісторык Яўген Малікаў адзначае, што ў гэтым месцы дакладна знаходзіліся адны з найстарэйшых у горадзе могілак габрэйскай абшчыны.

– У Гомелі ў пачатку ХХ ст. існавала некалькі могілак, якія захаваліся з канца ХVІІІ ст. І аднымі з такіх могілак былі габрэйскія могілкі на перакрыжаванні сучасных вуліц Валатаўской і Сожскай. Яны адзначаныя на плане Гомеля 1913 года.

Архітэктар Сяргей Ляпін звяртае ўвагу на тое, што з’яўленне высокіх гмахаў у цэнтры горада дысануе з гістарычнай прасторай Гомеля.

– Для экстэр’ера старога горада яны не застануцца незаўважнымі. А гэта вельмі жорсткая архітэктура, якую незалежна ад рашэння фасада немагчыма ўпісаць у тое асяроддзе, якое складаецца з аб’ектаў меншага маштаба і больш эстэтычна вывераных.

Камерцыйная кампанія-забудоўшчык „Укс-Дронго ” анансуе будаўніцтва жыллёвай зоны пад назвай „Ветразь” у цэнтры Гомеля. Пачатак продажу апартаментаў, як вынікае з афіцыйных паведамленняў кампаніі, запланаваны на люты-сакавік 2017 года.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота gp.by