У Гомелі новы сезон антыалкагольнага турніра



У Гомелі стартаваў новы сезон антыалкагольнага турніра дваровых камандаў па футболе на прызы ініцыятывы „Хопіць піць – трэба жыць”. Юнакі з гомельскіх раёнаў будуць спаборнічаць паміж сабой, прапагандуючы здаровы лад жыцця.

turnir715

Фота euroradio.fm

Паводле аднаго з заснавальнікаў турніра Кастуся Жукоўскага, каштоўнасць футбольнага турніра „Хопіць піць – трэба жыць” заключаецца ў арганізацыі спаборніцтваў сіламі саміх удзельнікаў:

– Можа дзякуючы нашым намаганням ці самі людзі так хочуць, што турнір практычна стаў самаарганізацыйным. Мы забяспечым людзям прызы, вопратку, магніцікі, розную атрыбутыку, улёткі інфармацыйныя, усё астатняе, а яны праводзяць яго самі. Гэта звязана канешне, можна сказаць, яшчэ з тым, што калі мы былі прывязаны да аднаго поля, то нам проста сталі перашкаджаць. Мясцовыя ўлада пачала на тым полі праводзіць свой турнір. Хлопцы самі папрасілі, каб мы праводзілі яго ў розных кропках. Галоўнае, каб турнір жыў.

Антыалкагольны футбольны турнір „Хопіць піць — трэба жыць” у Гомелі існуе з 2012 года. За гэты час у спаборніцтвах узялі ўдзел некалькі сотняў юнакоў з дзясяткаў дваровых камандаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель