У Гомелі разгараецца змаганне за гістарычны цэнтр



Гомельцы аб’ядноўваюцца дзеля абароны гістарычнага цэнтру горада. У Гомелі паўстала ініцыятыўная група «Разам абаронім зялёныя вуліцы», якая выступае супраць бяздумнага пашырэння аўтадарогаў. Актывісты ўжо сабралі і накіравалі 600 подпісаў грамадзянаў ў Гомельскі гарвыканкам і Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем правесці грамадскія слуханні па пытаннях рэканструкцыі цэнтральных вуліцаў.

Паводле аднаго з ініцыятараў онлайн-петыцыі Андрэя Стрыжака, улады павінныя прыслухоўвацца да меркавання грамадскасці.

Ініцыятыўная група «Разам абаронім зялёныя вуліцы» не адмаўляе транспартнай праблемы ў Гомелі. Зразумела, аўтамабільныя патокі трэба перанакіроўваць, каб вырашаць пытанне транспартных затораў у цэнтры горада. Але такія пытанні абавязкова трэба ўдакладняць і ўзгадняць з грамадскасцю. Нам тут усім жыць. І хацелася б жыць у камфортным месцы, а не ў горадзе, цэнтр якога пераўтвораны ў хуткасную аўтастраду.

Андрэй Стрыжак падкрэслівае, што онлайн-петыцыя, якая была аформленая з дапамогай інтэрнэт-рэсурса zvarot.by, згодна заканадаўству, мае такую ж вагу, як і звычайны пісьмовы зварот. Таму гарадскія ўлады павінны цягам 15 сутак адказаць на калектыўны ліст грамадзянаў.

Пісьменніца Яўгенія Парашчанка з абурэннем успрымае факты перабудовы роднага горада:

Горад мусіць быць камфортны для жыхароў. У мяне выклікае абурэнне сітуацыя, калі я, у выніку рэканструкцыі той жа вуліцы Кірава, не магу дабрацца да вакзала. Там проста прыбралі пешаходныя пераходы. Цяпер дарога да вакзалу займае не 9 хвілінаў, а 20 хвілінаў! Прычым прагулка пераўтварылася ў прабежку па пыльнай магістралі без дрэваў! Такое адчуванне, што ўсе гэтыя рэканструкцыі робяць нейкія прыхадні.

Нягледзячы на тое, што калектыўны зварот быў адпраўлены толькі 7 красавіка, на старонках гомельскіх дзяржаўных выданняў грамадзянаў аператыўна праінфармавалі, што ніякіх патрэбаў у грамадскіх абмеркаваннях няма. Маўляў, планы пашырэння праезных частак вуліцаў Пралетарскай, Гагарына, Інтэрнацыянальнай зацверджаныя ў генеральным плане развіцця горада. А раз так, то пытанне неабходнасці рэканструкцыі вырашанае канчаткова.

Архітэктар Сяргей Ляпін падкрэслівае, што агучаная ў дзяржаўных СМІ інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці:

— Мы сёння насамрэч жывем паводле генеральнага плана 2003 года, паколькі генеральны план 2015 года, на які спасылаюцца аўтары публікацыяў у дзяржвыданнях, не зацверджаны. Галоўныя палажэнні дзейснага генплану такія: цэнтральныя вуліцы горада Гомеля трэба вызваляць ад транзітнага транспарту, будуючы абыходы і звязкі паміж раёнамі. Пашырэнне вуліцаў у цэнтры горада ніяк не агаворваецца.

У выніку рэканструкцыі, якую анансуюць гарадскія ўлады, можа істотна змяніцца аблічча гістарычнага цэнтра Гомеля. Гісторык Марыя Булавінская зазначае, што з’яўленне трох падземных пераходаў на колішняй Базарнай плошчы зробіць немагчымым аднаўленне ўзарванага бальшавікамі старадаўняга касцёла. А пашырэнне праезнай часткі вуліцы Пралетарскай пагражае экалогіі галоўнай турыстычнай славутасці горада — парку Румянцавых-Паскевічаў.

Супраць рэканструкцыі цэнтра горада выступаюць і экалагічныя актывісты. Рэдактар «Гомельскага зялёнага парталу» Яўген Меркіс заўважае, што ў апошнія гады горад над Сожам страціў статус зялёнага абласнога цэнтра:

Нават пракуратура адзначае, што Гомель па адсотках азелянення не адпавядае норме. Гэта адбываецца ў выніку масавай ліквідацыі старых, але здаровых дрэваў. Яшчэ адна праблема — рэканструкцыі вуліцаў, якія прадугледжваюць знішчэнне зялёных насаджэнняў. Звычайна яны спасылаюцца, што будуць нейкія кампенсацыйныя высадкі ў дварах, але гэтыя высадкі прасачыць насамрэч складана.

1Чырвоным колерам адзначаныя дрэвы, якія будуць ліквідаваныя ў выніку пашырэння вуліцы Пралетарскай

2

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота: з Фэйсбуку Яўгеніі Парашчанкі