У Гомелі стартаваў сацыяльны праект «Жыві як гаспадар»



У Гомелі стартаваў сацыяльны праект «Жыві як гаспадар», у межах якога жыхары абласнога цэнтра збіраюцца вырашаць набалелыя гарадскія праблемы. У планах арганізатараў — стварэнне тэрытарыяльных саветаў, якія будуць змагацца за правы жыхароў пэўнага дому ці раёна. Каардынатар ініцыятывы Валеры Сляпухін распавёў пра планы ў межах праекта.

— Гэта праект грамадская салідарнасць, які будзе грунтавацца на салідарнасці самых жыхароў сваіх дамоў і раёнаў, якія будуць змагацца за свае правы і інтарэсы. У межах праекта мы плануем стварыць тэрытарыяльныя рады, якія на практыцы будуць займацца сваімі пытаннямі і пытаннямі сваіх жыхароў. 

Жыхарка Гомеля Алена Сіняўская звярнулася да ініцыятараў праекта “Жыві як гаспадар” па дапамогу.

— На вуліцы касмічнай збіраюцца будаваць дамы і дзеля гэтага трэба прыбраць частку сасняку, які аддзяляе спальны раён горада ад прамзоны. Пакуль што гэта замарозілі, але дзе гарантыя, што заўтра не пачнецца зноў? Я проста сама выходжу на тых людзей, якія неяк у гэтым разбіраюцца, бо ў мяне таксама нейкі парог таго, што я ведаю, а людзі ведаюць нашмат больш, бо яны звярталіся і пісалі.

У межах новага праекта адбыўся круглы стол, удзельнікі якога вызначылі актуальныя для Гомеля праблемы. Сярод іх – ушчыльненне забудовы, пагаршэнне экалагічнай сітуацыі, рамонт пад’ездаў ды адсутнасць дыялогу з уладамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель