У Гомелі стоячы сустрэлі ўзнагароду Святланы Алексіевіч (фота, відэа)



Некалькі дзясяткаў гомельцаў зладзілі супольны прагляд цырымоніі ўзнагароджання Святланы Алексіевіч Нобелеўскай прэміяй. У грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палескай сабраліся дэмакратычныя актывісты, літаратары і аматары творчасці беларускай пісьменніцы. Удзельніца калектыўнага прагляду гамяльчанка Марыя Клімовіч заўважае, што ўвага да творчасці Святланы Алексіевіч прынясе карысць беларускаму грамадству.

Марыя Клімовіч:

— Святлана Алексіевіч вучыць нас спачуваць. Яна вучыць чалавека ўсведамляць, што побач ёсць людзі, якім патрэбная дапамога, якім патрэбнае спачуванне. Таму вельмі добра, што да яе цяпер такая пашана, такая ўвага. Несумненна, цяпер будзе болей увагі да яе кніг, значыцца, ўсё грамадства будзе ў выйгрышы.

Арганізатар сустрэчы Уладзімір Кацора падзяліўся перад прысутнымі планамі на запрашэнне нобелеўскага лаўрэата ў Гомель.

Уладзімір Кацора:

— Ужо год працуем над тым, каб Святлана Алексіевіч прыехала ў Гомель. Хто памятае, здаецца, у 2004 годзе мы распаўсюджвалі яе чатырохтомнік. З тае пары я хацеў яе запрасіць. Працаваў з яе памочніцай, але Святлана Алексіевіч вельмі заняты чалавек. Я паўтараю, год ужо гэтая праца ідзе і будзе працягвацца. Але спадзеваў, што яна сюды даедзе ўсё меней, таму што яна чалавек заняты, па свеце ездзіць…

У Гомелі калектыўныя прагляды цырымоніі ўзнагароджання беларускі Святланы Алексіевіч найвышэйшай літаратурнай узнагародай праходзілі таксама ў некалькіх гарадскіх кавярнях. Гараджане самаарганізаваліся, паколькі дзяржаўныя тэлеканалы праігнаравалі гэтую падзею.

Біяграфія Святланы Алексіевіч звязаная з Гомельшчынай. Менавіта ў Мазыр пераехала сям’я будучай нобелеўскай лаўрэаткі ў пачатку 1950-х гадоў з Украіны, дзе праходзіў службу ў войску яе бацька. У Веткаўскім раёне яна пайшла ў школу. А ў другой палове 1960-х Святлана Алексіевіч працавала ў газеце „Прыпяцкая праўда”.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя