У Гомелі загінуў матацыкліст



У Гомелі на вуліцы Савецкай ўвечары 18 ліпеня загінуў 38-гадовы матацыкліст, які сутыкнуўся з аўтобусам.

Як паведамілі ва УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама, матацыкліст ехаў за аўтобусам, што затармазіў на прыпынку „Электраапаратура”, каб зрабіць пасадку-высадку пасажыраў. У гэты час матацыкліст, які рухаўся ззаду ў спадарожным кірунку, урэзаўся ў аўтобус і ад атрыманых траўмаў памёр на месцы. У Дзяржаўтаінспекцыі дадалі, што мужчына быў у шлеме, але не меў права на кіраванне транспартным сродкам — быў пазбаўлены яго за язду ў п’яным выглядзе ў красавіку 2016 года. Усяго ў дачыненні да матацыкліста складзеныя 12 адміністрацыйных пратаколаў па лініі ДАІ.

Паводле слоў відавочцаў, калі матацыкліст ехаў за аўтобусам, ён павярнуўся назад, збіраючыся перастроіцца ў левую паласу, таму не паспеў зрэагаваць на тое, што аўтобус спыніўся. Ад удару ў матацыкліста зляцеў шлем. Сведкі паведамляюць, што мужчына ляжаў на асфальце з разбітай галавой і падаваў прыкметы жыцця ў першыя хвіліны пасля сутыкнення. Медыкі хуткай дапамогі, якія прыбылі на месца ДТЗ, спрабавалі рэанімаваць пацярпелага прама на дарозе, але беспаспяхова.

Згодна са словамі знаёмых загінулага, матацыкліст працаваў слесарам на адным з прадпрыемстваў Гомеля і ў той вечар ехаў да сваёй нявесты.

belapan.by

Фота onliner.by