У Гомелі затрымалі ўдзельнікаў пікета і журналістаў



Фрылансераў Канстанціна Жукоўскага і Наталлю Крывашэй затрымалі каля будынка Цэнтральнага РАУС.

Кастусь Жукоўскі

Кастусь Жукоўскі

„Мы здымалі на відэа шыльду на будынку Цэнтральнага РАУС, і ў гэты момант нас затрымалі”, – распавядае Кастусь Жукоўскі:

– Было брутальна таму, што мяне проста схапіў за руку невядомы ў цывільным, пачаў зацягваць у аддзел міліцыі і крычаць, што я нешта парушаю. На маю просьбу назвацца, ён не назваўся, ён сказаў: „Вы тут не маеце права здымаць”.

Як аказалася, у Цэнтральным РАУС таксама знаходзяцца двое жыхароў Гомеля, якіх затрымалі за спробу правядзення пікета – лекар Яўген Годар і яго жонка Аза Годар.

Муж і жонка ўжо некалькі гадоў вядуць судовыя цяжбы ў сувязі з праблемамі жыллёвага кааператыва, у якім яны будавалі кватэру. Сёння яны спрабавалі правесці пікет, каб звярнуць увагу да праблемы, у прыватнасці карупцыі. Распавядае Яўген Годар:

– Мы былі ў міліцыі Цэнтральнага раёна, дзе быў складзены пратакол па тым, што адбылося. Наш плакат далучаны да справы, якая напэўна будзе разглядацца ў судзе.

Журналісты Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй здымалі на відэа спробу правядзення пікета мужам і жонкай Годар.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Відэа: belsat.eu