У горадзе над Шчарай адбыўся фестываль «Паланэз-2015»



У суботу, 23 траўня, у Слоніме адбыўся адзінаццаты фестываль “Паланэз-2015”. У ім прынялі ўдзел музычныя і танцавальныя калектывы з розных гарадоў Беларусі, а таксам адзін калектыў з Польшчы. Гэта ансамбль танца і песні “Васілёчкі” з Бельска. Праўда, у мінулыя гады на “Паланэз” прыязджала шмат гасцей з Польшчы, Літвы, Расеі. Але сёлета ўсе калектывы ехаць у Слонім адмовіліся па розных прычынах. Таму фестываль быў не дужа шматлюдным.

Ён пачаўся традыцыйна ад пажарнай вежы, а потым усе ўдзельнікі свята прайшлі па цэнтральнай вуліцы да мясцовага Цэнтра культуры, дзе адбылася конкурсная праграма. Кожны з удзельнікаў прадставіў свой варыянт выканання паланэза.

Месца фестывалю выбрана было невыпадкова. Менавіта ў Слоніме прайшло дзяцінства кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага, аўтара знакамітага паланэза «Развітанне з радзімай».

У горадзе пражываў ягоны дзядзька Міхал Казімір Агінскі. Дарэчы, ён жа і стваральнік помніка гідратэхнікі XVIII стагоддзя — канала Агінскага. Побач з каналам Агінскі ў 1775 годзе пабудаваў і славуты на ўсю Еўропу тэатр, для пастановак якога сам жа складаў музыку.

Сёння пра Агінскага ў Слоніме нагадвае і канал, і вуліца ў яго гонар, і некалькі будынкаў той эпохі, а таксама мемарыяльная шыльда, адкрытая нядаўна на будынку Слонімскага драматычнага тэатра. А да 1939 года ў Слоніме аркестр мясцовай пажарнай каманды два разы на дзень іграў паланэз, як сігнал дакладнага часу.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.

Фота аўтара.