„У госці да Нептуна” за 30 тысяч рублёў



„У госці да Нептуна” можна было завітаць у Браславе на цэнтральны пляж горада. Але не ўсім, толькі тым, хто меў з сабой трыццаць тысяч беларускіх рублёў. Такі быў кошт уваходнага квітка. Таму шматлікія мясцовыя жыхары назіралі за мерапрыемствам з другога боку жалезнай агароджы. А забаўляліся ля галоўнай сцэны свята ў асноўным моладзь і прыезджыя госці-адпачываючыя з розных вялікіх гарадоў Беларусі і Расеі.

Па словах мясцовых жыхароў, раней гэтае свята не было платным і пачыналася на некалькі гадзін раней, таму і людзей было больш.

Пра свае ўражанні ад мерапрыемства распавядаюць яго наведвальнікі:

–  Тут шмат забавы для дзяцей. У горадзе гэтага няма зусім. А тут мы можам нешта дзецям паказаць. У нас рэдка бываюць нейкія святы ў горадзе, таму ўсе ходзяць на любое свята.

– Мы хацелі паглядзець як абсыпаюць фарбамі і адпачнуць. Свята Нептуна бывае штогод, і штогод дадаецца нешта новае.

 – А нам вельмі добра тут – пясочак і музыка, і мы гэтаму радуемся, што ў нас не так, як на Украіне.

У межах свята адбыліся музычна-танцавальны атракцыён „Фарбы Браслава”, выступ ды-джэяў з Полацка і Віцебска, тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам Нептуна і яго світы, а таксама конкурсы і канцэрт эстрадных выканаўцаў. Скончылася свята феерверкам.

Беларускае Радыё Рацыя