Свята вёскі Квачы



На Глыбоччыне адбылося свята вёскі Квачы, дзе працуючым у сельскай гаспадарцы людзям выплацілі нядаўна заробак толькі за красавік. Таму, па словах мясцовых жыхароў, для кагосьці гэта свята, а для кагосьці і не. Некаторыя з іх лічаць, што падобныя святы непатрэбныя, калі няма грошай на заробкі. А іншыя кажуць пра тое, што такія святы хоць нейкая аддушына для вяскоўцаў, неблагі шанец добра правесці час.

– Ад красавіка калгас не плоцяць людзям, а на гэткія фестывалі хапае грошай. Лепей бы людзям раздалі. Некаторыя жывуць – хоць жабруй.

– Я столькі пражыў – восьмы дзясятак. Было весела гуляць у вёсцы. А цяпер што? У вёсцы няма нікога. Адны пенсіянеры. І тыя ледзь жывыя.

– Квачы – гэта калыска. Мы тут не толькі раслі – мы тут гартаваліся. Вера людская тут ніколі не знікала. Нават пры камуністах. Хацелася б верыць, што хаця б на наш век яшчэ хопіць, то бок гадоў 50.

Калісьці ў вёсцы Квачы было 95 жылых хат, зараз – крыху больш за трыццаць. Моладзь, як і паўсюль на вёсках, з’язджае ў пошуках лепшай долі. Але яе жыхары і выхадцы з Квачоў спадзяюцца на тое, што іх дарагая сэрцу вёска ўсё ж не прыйдзе ў заняпад.

Беларускае Радыё Рацыя