У ГЦ «Еўропа» ў Менску хлопец з бензапілой і сякерай напаў на наведнікаў: загінула жанчына (абноўлена)



17-гадовы юнак, які напаў вечарам 8 кастрычніка з бензапілой і сякерай на мінскі гандлёвы цэнтр „Новая Еўропа”, паводле яго слоў, «хацеў пасекчы людзей», паведаміў першы намеснік старшыні Следчага камітэта Аляксей Волкаў на экстраннай прэс-канферэнцыі ў нядзелю, 9 кастрычніка.

Паводле слоў Волкава, малады чалавек з багатай сям`і, мае кватэру ў Менску і жыве асобна ад бацькоў. З`яўляецца студэнтам першага курса. Падстаў падазраваць, што падчас учынення злачынства ён быў пад уздзеяннем псіхатропных ці наркатычных рэчываў, няма, паведаміў прадстаўнік СК.

За тры-чатыры гадзіны да ўчынення злачынства юнак, паводле яго слоў, выпіў 150 г гарэлкі. Затрыманаму прызначана комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза, паколькі яго псіхічны стан выклікае ў следства пытанні.

Юнака затрымалі наведвальнікі і работнікі гандлёвага цэнтра. Служба бяспекі ГЦ, як вынікае з аналізу відэазапісаў, у затрыманні не ўдзельнічала.

Як паведаміў Волкаў, паводле ўдакладненых звестак, пацярпелых трое, усе жанчыны: 43-гадовая памерла на месцы, 46-гадовая знаходзіцца ў шпіталі, яшчэ адна (узрост не названы) — на лячэнні дома.

***

8 кастрычніка ў гандлёвым цэнтры «Еўропа» ў цэнтры Менска 17-гадовы хлопец з бензапілой і сякерай напаў на наведвальнікаў. Адна жанчына была параненая, яшчэ адна загінула.

b161008-scj6y

Малады чалавек 1998 года нараджэння прынёс сякеру ў футляры ад музычнага інструмента, а ў руцэ трымаў бензапілу.

З заведзенай бензапілой ён напаў на дзвюх работніц ГЦ каля «Тэра піцы». Меркавана, адной жанчыне хлопец параніў руку, жанчына здолела ўцячы. Пасля чаго нападнік накінуўся на другую  жанчыну. Ёй выратавацца не ўдалося, яна загінула.

АНТ са спасылкай на міліцыю ў «Навінах» паведаміла, што гэта была супрацоўніца магазіна. Яна адлучылася з працоўнага месца купіць калготкі.

Па факце нападу распачата крымінальная справа, паведаміў сёння журналістам у Менску першы намеснік старшыні Следчага камітэта Аляксей Волкаў.

«Па гэтым факце заведзена крымінальная справа. Яна прынята да вытворчасці следчымі цэнтральнага апарата Следчага камітэта. Праводзяцца следчыя дзеянні», –праінфармаваў БелТА Аляксей Волкаў.