У Кіеве прэзентавалі фільм пра Віталя Ціліжэнку



У Кіеве ў зале Нацыянальнага музея гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне адбылася прэм’ера дакументальнай стужкі пра добраахвотніка „Правага сектара” Віталя Ціліжэнку з пазыўным „Кекс”. Паказ адбыўся ў першую гадавіну гібелі воіна, паведамляе „5 канал”.

Дакументальны фільм беларускага рэжысёра Антося Цялежнікава распавядае пра розныя аспекты жыцця ваяра і валанцёра Віталя Ціліжэнкі: традыцыі, удзел у Рэвалюцыі Годнасці, валанцёрскай і грамадскай дзейнасці і баявыя дні. У карціне рэжысёр сабраў успаміны сяброў і родных Ціліжэнкі і відэа, якое здымаў сам баец.

Загінуў герой у мінулым годзе падчас бою з прарасейскімі баевікамі недалёка ад Старагнатаўкі ў Данецкай вобласці.

„Фільм прымеркавалі да гадавіны яго гібелі… Хацелася б, каб ён сапраўды пакінуў пасля сябе след”, – кажа сястра загінулага Наталля Гладкова.

„Вельмі важна данесці да людзей, да будучага пакалення памяць пра гэтых хлопцаў. Данесці ўсё тое, што адбываласа, бо героі не паміраюць”, – дадае знаёмая байца Ірына Гаркавенка.