Завяршыўся VI Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі (абноўлена)



У Коўне завяршыўся VI Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі.

Анна Энгелькінг, Варшава, Інстытут Славістыкі Польскай Акадэміі Навук: – Выбар гэтай тэмы быў для мяне просты, нескладаны. Я этнограф, этнограф займаецца вёскай, гэта яго цікавіць, так што гэта было для мяне натуральна. І я пачала даследаванні ў беларускіх вёсках у 90-ых гадах. Але для мяне самой стала нечаканасцю, што маёй даследчай тэмай будзе тэма менавіта калгаса.

Многа польскіх навукоўцаў цікавіцца Беларуссю. Гэта навукоўцы з розных галін навукі: і гісторыкі, і лінгвісты, і этнографы, і сацыёлагі. Так што традыцыя польскіх даследаванняў па беларусістыцы доўгая і багатая.

Цімафей Авілін, супрацоўнік НАН РБ, выступаў у секцыі пра дударства, узнагароджаны прэміяй за манаграфію «Этнаастраномія». – Я хачу сказаць маладым даследчыкам, маладым навукоўцам ці проста людзям, якія нечым цікавяцца, каб яны не сыходзілі са сваёй дарогі і займаліся менавіта той тэмай, якая іх сапраўды вабіць. Гэта вельмі важна.

РР: – Вы маглі б неяк ацаніць сёлетні Кангрэс, ці ён быў удалы, ці вам спадабалася?

– Гэта была вельмі добрая навуковая сустрэча, навуковая панэль, дзе людзі, якія сапраўды цікавяцца нейкай канкрэтнай тэмай, могуць знайсці, пра што разам паразмаўляць, нешта абмеркаваць і нешта канструктыўнае, так бы мовіць, вынайсці.

Павел Іванавіч Навуменка, БДУ: – Насамрэч тут былі вельмі цікавыя даклады менавіта маладога пакалення. Я бачу, што ідзе заняпад гуманітарнай навукі – усюды, гэта абсалютна не толькі наша беларуская з’ява. Больш таго, навукі ўвогуле. Ідзе ўздым спажывання. І калі ўсё-такі маладыя сілы, разумныя, перспектыўныя, прыходзяць, ведаеце, нешта будзе… Я спадзяюся.

Андрэй Казакевіч, доктар палітычных навук, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”, Старшыня арганізацыйнага камітэту Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі: – У працы Кангрэсу прыняла ўдзел ад 400 да 500 удзельнікаў, было прачытана не менш за 350 дакладаў па розных тэмах, выступоўцы і госці прадстаўлялі больш за 20 краін. Асноўная цікавасць звязаная з сусденімі краінамі – Польшча, Украіна, Літва, у меншай ступені Расея, але таксама маем прадстаўнікоў Злучаных Штатаў, Нямеччыны, Аўстрыі і іншых краін.

Ну, вынікаў Кангрэсу шмат, яны разнастайныя, было закранутае вялікае кола тэмаў у межах розных дысцыплінаў. Асноўны вынік – гэта тое, што сабралася вялікая колькасць даследчыкаў Беларусі, якія прадстаўляюць усе асноўныя цэнтры, якія займаюцца беларускімі даследаваннямі – у Беларусі і за мяжой. Былі плённыя дыскусіі, абмен ідэямі, абмеркаванне новых праектаў.

Відавочна адбылося значнае ўмацаванне беларускай акадэмічнай, інтэлектуальнай і экспертнай супольнасці, асабліва па асобных накірунках.

РР: – Чаго можна чакаць у будучыні ад Кангрэсу?

– Будзем чакаць яшчэ большага пашырэння кола ўдзельнікаў, будзем працаваць над тым, каб яшчэ больш вынікі працы на Кангрэсе былі даступныя шырокай аўдыторыі праз публікацыі, праз пашырэнне відэаматэрыялаў. І трэба чакаць плённых дыскусій, прагрэсу ў даследаваннях у асобных галінах.

Мы яшчэ таксама спадзяемся, што Кангрэс аказвае пазітыўны ўплыў на тое, як Беларусь успрымаюць у свеце, і на ўзрост цікавасці да Беларусі як краіны, цікавасці да беларускай культуры, беларускай мовы, іншых элементаў беларускасці.

У суботу, 8 кастрычніка, прайшла цырымонія надання прэмій Кангрэса за найлепшыя навуковыя публікацыі. Сярод пераможцаў польская славістка Анна Энгелькінг за польскамоўную манаграфію «Калхознікі. Антрапалагічнае даследаванне тоеснасці беларускай вёскі пералому ХХ і ХХІ стагоддзя». Анна Энгелькінг прысвяціла сваю перамогу беларускім сялянам, чые сведчанні яна збірала на працягу дваццаці гадоў.

Увечары, пасля афіцыйнай часткі, жыхары і госці Коўна маглі пачуць беларускую дуду і народныя спевы ў адным з бараў. Беларускія дудары трэці раз праводзяць падчас кангрэсу секцыю, прысвечаную дударству, а пасля, ужо па традыцыі, ладзяць імпрэзу ў цэнтры Коўна.

У час закрыцця Кангрэса яго арганізатар Андрэй Казакевіч адзначыў, што ў Кангрэсе прынялі ўдзел больш за 400 чалавек з больш чым 20 краін. Было прачытана не менш за 350 дакладаў. Андрэй Казакевіч дадаў, што арганізатары спадзяюцца прыцягнуць большую міжнародную ўвагу да Беларусі пры дапамозе Кангрэса.

dscn5445

Цырымонія надання прэмій Кангрэса за найлепшыя навуковыя публікацыі 2014 2015 гг

dscn5449

dscn5470

Цімафей Авілін, узнагароджаны за манаграфію «Этнаастраномія»

dscn5481

Анна Энгелькінг, узнагароджаная за польскамоўную манаграфію «Калхознікі. Антрапалагічнае даследаванне тоеснасці беларускай вёскі пералому ХХ і ХХІ стагоддзя»

dscn5482

dscn5491

У час імпрэзы, арганізаванай дударскай секцыяй пасля афіцыйнай часткі

dscn5507

dscn5519

dscn5535

dscn5536

Адзін з арганізатараў Кангрэсу Андрэй Казакевіч

***

dscn5366

З Літвы паведамляе наш карэспандэнт:

– Субота – найбольш насычаны дзень. Падчас амаль 20 паралельных секцый абмяркоўваюцца пытанні палітыкі, эканомікі, гісторыі, культуры і перспектыў Беларусі. А на секцыі, прысвечанай біблеістыцы, удзельнікі на чале з Сяргеем Шупам непасрэдна займаюцца  перакладам Старога Запавету.

dscn5438

На фота: Павел Навуменка – у цэнтры. 

Літаратуразнавец Павел Іванавіч Навуменка з БДУ адзначыў, што шмат удзельнікаў – маладыя даследчыкі, і гэта вельмі цешыць. Такія кангрэсы жыццёва неабходныя, дадаў навуковец.

Увечары адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі кангрэса за найлепшую публікацыю ў 2014-2015 гадах.

* * *

У рамках эканамічнай секцыі прафесар БДУ, доктар эканамічных навук Сяргей Лукін выступіў па тэме “Знешнеэканамічныя фактары развіцця беларускай эканомікі”. Ён зазначыў, што ў апошнія гады стала відавочнай памылковасць курсу на інтэграцыю з Расеяй у святле яе крызісу. І цяпер з гэтым пагаджаюцца і ўлады Беларусі.

– Раней можа аб гэтым казалі менш. Зараз я бачу вялікую цікавасць да гэтай праблемы з боку беларускіх уладаў, перш за ўсё.

РР: То бок ёсць змены ў гэтым кірунку апошнім часам.

– На мой погляд, ёсць. Ёсць пэўныя зрухі ў гэтым накірунку.

dscn5352

Сяргей Лукін дадаў, што зараз нават пралічваюцца плюсы і мінусы ўваходжання Беларусі ў Мытны саюз і вынікі негатыўныя для гаспадаркі Беларусі.

* * *

Сотні навукоўцаў і палітыкаў будуць абмяркоўваць сітуацыю ў Беларусі. У Літве пачаўся Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі.

dscn5302

Паведамляе наш карэспандэнт:

– У Коўне адкрыўся VI Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Ён працягнецца тры дні. Пасля адкрыцця госці слухалі даклад польскага прафесара Анжэя Новака “Усходняя Еўропа і яе значэнне для актуальнай расейскай стратэгіі”. Пасля адбылася дыскусія пра выклікі і магчымасці Усходняй Еўропы. Ян Маліцкі зазначыў, што пакуль у дыскусіі больш абмяркоўвалі Расею, чым Беларусь. Далей распачалася праца па секцыях і дыскусіі.

Шосты Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі пачаўся з дыскусіі на тэму “Усходняя Еўропа: выклікі і магчымасці”. На ёй удзельнікі з розных краін пераважна разважалі пра імперскія амбіцыі Расеі.

Ян Маліцкі – заснавальнік Studium Europy Wschodniej – адзначыў, што Беларусь часам нават не ў цэнтры ўвагі ў дыскусіі пра яе ўласны лёс. Але гэта не значыць, што Польшча будзе пра нешта дамаўляцца з Расеяй, абмінаючы прамы дыялог з Беларуссю, лічыць Ян Маліцкі.

– Былі прапановы падзелу Украіны. То што, маем гаварыць пра падзел Украіны, а пасля пра падзел Беларусі? Гэта не з’яўляецца інтарэсам Польшчы. Яе інтарэс – каб на ўсход ад Польшчы, ад усходняй мяжы ЕЗ, існавалі самастойныя дэмакратычныя дзяржавы, а не пашыраная Расейская Імперыя.

Ян Маліцкі зазначыў, што ініцыятыва знаходзіцца на баку кіраўніцтва Беларусі, а крокі па дэмакратызацыі могуць істотна паўплываць на бяспеку Усходняй Еўропы.

dscn5312Ян Маліцкі, Studium Europy Wschodniej Uniwersytetu Warszawskiego

Беларусь апынулася ва ўнікальных умовах росту рускай агрэсіі і інфармацыйнай вайны. Такое меркаванне выказалі арганізатары Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які пачаўся ў Коўне. Некалькі сотняў адмыслоўцаў у розных гуманітарных галінах сабраліся ў Літве, каб падзяліцца досведам і прадставіць найноўшыя даследаванні, звязаныя з Беларуссю. “Кангрэс дапамагае нам заарыентавацца, што адбываецца ў краіне і што ў ёй варта змяніць,” – гаворыць арганізатар кангрэса, даследчык Алякесй Ластоўскі.

– Такі форум выступае як неабходная пляцоўка паўнавартаснага развіцця сацыяльных і гуманітарных навук. І мы бачым, што, на жаль, у Рэспубліцы Беларусь такія праэкты не рэалізуюцца. Ні Акадэмія навук, ні іншыя дзяржаўныя інстытуцыі не арганізуюць падобныя мерапрыемствы.

“Без такіх сустрэч грамадству цяжка арыентавацца і плённа развівацца,” – дадаў Аляксей Ластоўскі.

dscn5297
dscn5298Выступае прафесар Анджэй Новак
dscn5308
dscn5295

У мерапрыемстве прымаюць удзел даследчыкі з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, Вялікабрытаніі, Нямеччыны і іншых краін. Кангрэс даследчыкаў Беларусі працягнецца да 9 кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя, Коўна

Фота: Станіслаў Раманчук