У Курапатах узгадалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў



Удзельнікі традыцыйнай акцыі памаліліся за закатаваных, усклалі кветкі ды запалілі знічы. “Пакуль дзяржава не зробіць 29 кастрычніка Днём памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў,  будзем прыходзіць у Курапаты штомесяц 29-га,” – адзначалі ўдзельнікі.

Кажа адзін з прысутных, бард Зміцер Захарэвіч:

– Рэч у тым, што, як вядома, у 1937 годзе, былі праведзены вялікія расстрэлы беларускай інтэлігенцыі. Каля 150 чалавек – выбітных прадстаўнікоў беларускай нацыі – былі расстраляныя. Перад беларускім грамадствам і неабыякавымі людзьмі стаіць наступная мэта: штораз нагадваць уладзе і самім сабе гэту «чорную» дату.

Ганна Шапуцька, каардынатар ініцыятывы за выратаванне Курапатаў, асабліва адзначыла, што Беларусь – адзіная краіна Савецкага Саюза, дзе няма дзяржаўнага дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, таму пра ўшанаванне памяці загінулых дбае грамадскасць.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара