У Лондане развіталіся з айцом Аляксандрам Надсанам (абноўлена)



У Лондане развіталіся з айцом Аляксандрам Надсанам. Апостальскі візітатар для беларусаў каталікоў замежжа спачыў на лонданскіх могілках Святога Панктрата, побач з іншымі беларускімі рэлігійнымі і грамадскімі дзеячамі Вялікай Брытаніі і замежжа.

Развітацца з айцом Аляксандрам Надсанам прыехалі беларусы з розных краінаў свету, сярод іх і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла:

– У нас страшэнная страта, што ён адышоў, развітваемся з вялікім сумам на душы. Спачуванні прыйшлі сярод іншага і з Аўстраліі, і з Францыі, і з Канады, і са Злучаных Штатаў – ва ўсім свеце сёння сум, сумуюць па айцу Надсану. Ён быў важны для ўсяго беларускага народа, вельмі важны для дыяспары, а таксама для ўсяго беларускага народа. Ён змагаўся за дабрабыт, за лепшую долю ўсяго нашага народа, ён быў вельмі моцным беларусам.

Айцец Аляксандр Надсан для беларускага замежжа і беларусаў свету быў сапраўдным маральным аўтарытэтам, – кажа беларуска з Брытаніі Караліна Мацкевіч:

– Айцец Аляксандр быў надзвычай рэдкай асобай. Мне зараз даволі цяжка казаць пра яго, таму што людзі такога маштабу ацэньваюцца праз дзесяцігоддзі. Пра айцы Аляксандра шырокавядома ў беларускім свеце – як пра навукоўца і выдатнага духоўнага лідара. І апроч усяго гэтага ён быў надзвычай цёплым і светлым чалавекам.

Апостальскі візітатар для беларусаў каталікоў замежжа айцец Аляксандр Надсан памёр 16 красавіка на 89-ым годзе жыцця ў Лондане. Ад 1971 года айцец Надсан кіраваў Беларускай бібліятэкай-музеем імя Ф. Скарыны. Актыўна ўдзельнічаў у працы Згуртавання Беларусаў Вялікабрытаніі. У 1981 годзе стаў на чале Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. З чэрвеня 1986-га стаў апостальскім візітатарам для беларусаў-каталікоў у замежжы.

Беларускае Радыё Рацыя