У Львове ўшаноўваюць беларускіх герояў



У Львове праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Слуцкаму Збройнаму Чыну. З Беларусі прыехалі сябры Руха Салідарнасці “Разам”, а таксама бард Андрэй Мельнікаў. Перадусім удзельнікі наведалі Лычакіўскія могілкі, дзе пахаваныя беларускія паўстанцы з ХІХ стагоддзя. Адметна, што на вялікім помніку ў гонар інсургентаў 1863-1864 сімвалічна высечана прозвішча Кастуся Каліноўскага, гаворыць Андрэй Мельнікаў:

– Тут знаходзіцца кавалак беларускай Вільні. У Вільні, на гары, дзе пахаваны Кастусь Каліноўскі, пра гэта ведаюць віленчукі, але там ніякага знака. А тут ёсць такая праекцыя. І апроч прозвішча Каліноўскага на помніку, тут прозвішчы шматлікіх паўстанцаў 1863-1864 года, якія рэальна пахаваны тут на гэтых могілках. Гэта тыя паўстанцы, якія не адправіліся ў Сібір, а перайшлі мяжу і апынуліся ў Аўстра-Венгрыі.  Іх тут дзясяткі, гэта людзі якія ўдзельнічалі яшчэ ў паўстанні 1830-1831 гадоў, ёсць чалавек, які пражыў больш за сто гадоў, удзельнічаў у абодвух паўстаннях, 75 гадоў быў капеланам, яго магіла.

Гэта такая святыня, якая яднае ўсіх, каму блізкая беларуская гераічная памяць.

Беларусы запалілі знічы каля помніка паўстанцам, а таксама ўсклалі кветкі на магілу герояў Нябеснай Сотні. zavalnia_lvou_dzien_hierojau_fota-1

zavalnia_lvou_dzien_hierojau_fota-9

Пазней, у цэнтры Львова распачаўся святочны мітынг. Актывісты разгарнулі дзесяціметровы бел-чырвона-белы сцяг. Грамадскі дзеяч Юрка Антоняк праз мікрафон распавядаў львавянам пра герояў Слуцкага Збройнага Чыну 1920 года, а таксама павіншаваў беларусаў са святам:

– Дарагія нашыя сябры з братняй Беларусі! Шчыра ўсіх віншуем з вялікім днём, Днём герояў Беларусі! Віншуем вас з гадавінай Слуцкага Збройнага Чыну, калі нашыя беларускія браты са зброяй у руках сталі супраць бальшавіцкай Масквы, за Беларускую Народную Рэспубліку. Жыве Беларусь! Слава Украіне!

Цягам гадзіны пад львоўскай ратушай гучалі выступы беларусаў і ўкраіцаў. Прагучала віншаванне ад прадстаўніка партыі УНА-УНСО. Некалькі твораў праспяваў Андрэй Мельнікаў. Украінскі бард Аляксандр Шаўчэнка выканаў песню на словы верша Янкі Купалы “Малітва”, які ён пераклаў на ўкраінскую мову.

– Гэты верш не можа не зачапіць. Гэта геніяльны верш, так як напісаў Янка Купала, напэўна ніхто не пісаў. Я гэты верш пераклаў на ўкраінскую мову і спяваю па-ўкраінску.

Беларусы і ўкраінцы і па мове, і па звычаях – бліжэйшых народаў няма. І доля наша шмат у чым падобная, і песні падобныя. Ясна, што трэба адно аднаго падтрымліваць. Ну а мы заўжды будзем памятаць, што адзін з першых, хто загінуў на Майдане, быў беларусам.

zavalnia_lvou_dzien_hierojau_fota-20

Гэта ўжо пятае ўрачыстае святкаванне Дня беларускіх герояў у Львове. Львавяне ўжо звыкліся да таго, што беларусы адзначаюць свае святы таксама і ва Украіне, гаворыць сустаршыня Руха Салідарнасці “Разам” Алена Талстая:

– Сталася ўжо традыцыяй святкаваць Дзень Герояў Случчыны не толькі ў Беларусі, але і ў братэрскай Украіне – у Львове, на наступны дзень пасля святкавання Слуцкага Збройнага Чыну ўласна ў Слуцку. Рух Салідарнасці “Разам” распачаў гэтую традыцыю, і мы, прыязджаючы сюды, ладзім гэтае свята пасярод горада Львова, дзе нас могуць бачыць і ўкраінцы, і прыезджыя беларусы.

Таксама ў Львове на сёння запланавана вечарына, на якой узгадаюць удзельнікаў позняга беларускага антысавецкага супраціву. Сёлета сустрэча прысвечана памяці дэсідэнта Сяргея Ханжанкова, які памёр у сакавіку гэтага года.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара