У Магілёве прызыўнік адмаўляецца даваць прысягу з палітычных меркаванняў



24-гадовы магілёўскі журналіст-прызыўнік Аляксандр Буракоў заявіў пра немагчымасць праходзіць службу ў войску па стане здароўя і адмаўляецца прыносіць вайсковую прысягу.

CA8DA02A-812C-46EB-A2D8-48FF934B0800_mw1024_s_n

 

(Фота svaboda.org)

Рашэнне аб прызыве Буракова на тэрміновую вайсковую службу прыняла 24 красавіка Магілёўская гарадская прызыўная камісія (ГПК), прызнаўшы яго абмежавана годным, хоць раней ён прызнаваўся часова не годным да службы ў арміі. У маладога чалавека, згодна з медыцынскім дыягназам, гіпермабільнасць суставаў, двухбаковая падоўжная плоскаступнёвасць І ступені, другасныя рэцыдывіруючыя сінавіты каленных суставаў, а таксама функцыянальная гіпербілірубінемія.

Паводле сцвярджэння прызыўніка, самога пасяджэння гарадской прызыўной камісіі не было. „Як бачна з выдадзенай мне копіі, у складзе ГПК адсутнічае ўрач Часнакоў Г.М., які кіраваў і кіруе працай урачоў-спецыялістаў па медыцынскім аглядзе грамадзян, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, а таксама адсутнічае сакратар ГПК”, — сказаў Буракоў, які не быў запрошаны на пасяджэнне гарадской камісіі, нягледзячы на выказанае раней жаданне.

Другой прычынай адмовы ад праходжання службы прызыўнік называе не легітымнасць знаходжання ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі, які з’яўляецца таксама вярхоўным галоўнакамандуючым. Буракоў не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў, спасылаючыся на адпаведныя высновы шэрагу назіральнікаў.

Прызыўнік абскардзіў рашэнне гарадской камісіі, аднак сёння Магілёўская абласная прызыўная камісія пацвердзіла думку калег ніжэйшай інстанцыі, паведаміў ваенны камісар Магілёўскай вобласці Аляксандр Гарошкін. Паводле яго слоў, сёння Буракоў не гаварыў пра палітычныя погляды. „Ён ўпіраў на стан здароўя”, — сказаў ваенны камісар.

У сваю чаргу Буракоў распавёў, што абласная камісія вырашыла праверыць факт правядзення пасяджэння гарадской камісіі. „Яны сказалі, што я, як грамадзянін, меў права патрабаваць, каб мяне паклікалі на пасяджэнне і прысутнічаць там асабіста”, — адзначыў прызыўнік.

Паводле слоў Аляксандра Буракова, сёння ж ён атрымаў позву на службу ў вайсковую часць 18662 транспартных войскаў, дзе, як ён сцвярджае, спасылаючыся на абласную камісію, яму не трэба будзе прыносіць прысягу. „З ім будзе працаваць прадстаўнік вайсковай часці, ён яму ўсё на месцы растлумачыць, што ён мае, што не мае”, — сказаў у сваю чаргу Гарошкін. „Яны будуць разглядаць яго дакументы, будуць з ім гутарыць і будуць выносіць рашэнне — падыходзіць ён ім ці не падыходзіць”, — паведаміў ваенкам, адзначыўшы, што калі часць адмовіцца ад Буракова, то ён „будзе прызваным, але не адпраўленым”.

Разам з тым Буракоў не згодны з думкай ваенных чыноўнікаў аб магчымасці праходжання ім службы ў войску і мае намер, згодна з законам, у дзесяцідзённы тэрмін абскардзіць рашэнне абласной прызыўной камісіі ў судзе.

belapan.by