У Маскве застрэлілі лідара антымайданаўскага руху



Кіраўніка прарасейскай арганізацыі „Оплот”, які меў украінскае грамадзянства, Яўгена Жыліна застрэлілі ў падмаскоўным рэстаране.

Напад адбыўся ў элітным пасёлку „Горкі-2”. Нападнікаў было двох, яны прыехалі на ўгнаным аўтамабілі. 40-гадовы Яўген Жылін, якому стрэлілі ў галаву з пісталета з глушыцелем, памёр на месцы. Ягоны паплечнік Андрэй Козыраў паранены. Нападнікі, якія па словах экспертаў дзеілі дастаткова непрафесійна, з’ехалі ў невядомым кірунку – паведамляе „РИА Новости”.

Шэраг выданняў звязваюць імя кіраўніка „Оплота” Яўгена Жыліна з нападамі ў свой час так званых цітушак на ўдзельнікаў мірных пратэстаў у Кіеве і нават знікненнямі актывістаў Майдану. З пачатку баявых дзеянняў у Данбасе ўзнік цэлы батальён „Оплот”, які ваюе на баку сепаратыстаў.

У жніўні 2015 году супрацоўнікі службы бяспекі Ўкраіны затрымалі ў Харкаўскай вобласці ўдзельнікаў дыверсійнай групы, якую каардынаваў і фінансаваў Жылін, а ў пачатку верасня заблакавалі некалькі банкаўскіх рахункаў, якімі карыстаўся верхаводнік „Оплота”.

28 студзеня 2016 году Пячэрскі суд Кіева завочна арыштаваў Яўгена Жыліна, ён быў абвешчаны ў міжнародны вышук. І вось цяпер Жыліна застрэлілі.

Беларускае Радыё Рацыя