У Мазыры чатыры чалавекі атруціліся газам



У Мазырскую гарадскую бальніцу 13 лістапада прыкладна ў 17.00 паступілі чатыры пацыенты з дыягназам „атручэнне невядомым газам”. Сярод пацярпелых — двое дзяцей, 6 і 14 гадоў, іх маці і фельчар хуткай медыцынскай дапамогі, які прыбыў на выклік і таксама адчуў галавакружэнне і недамаганне.

рэанімацыя

Фота sputnik.by

Як паведаміў БелаПАН галоўны ўрач Мазырскай гарадской бальніцы Сяргей Ганковіч, раніцай 14 лістапада дарослых перавялі ў тэрапеўтычнае аддзяленне, дзяцей — у дзіцячую бальніцу, ва ўсіх стан здавальняючы, іх жыццю нічога не пагражае. „У іх дыягназ — атручэнне невядомым газам, якім менавіта — гэта высветляць спецыялісты, самі пацыенты казалі, што пах быў саладкавы, можа, гэта і бытавы газ, а не чадны”, — заўважыў галоўны ўрач.

Паводле яго слоў, першапачаткова стала кепска шасцігадоваму хлопчыку, пасля выкліку хуткай ў кватэры адчуў недамаганне фельчар, затым — 14-гадовая дзяўчынка і яе маці. Усіх забрала ў шпіталь другая машына хуткай дапамогі.

У „Мазырміжрайгазе” мяркуюць, што атручэнне адбылося ад чаднага газу, які сабраўся ад таго, што ў доме сумешчаныя дымавы і вентыляцыйны каналы. У арганізацыі ўдакладнілі, што ў гэтай кватэры ёсць газавая калонка, але дым ад яе сыходзіць у патрэбны канал. А вось дым ад газавай калонкі, размешчанай у другой кватэры, трапляў у вентыляцыйны канал, а праз яго — у кватэру пацярпелых. У „Мазырміжрайгазе” лічаць, што, магчыма, парушэнне было дапушчанае пры будаўніцтве дома. Цяпер на месцы здарэння працуюць спецыялісты, якія правяраюць усе каналы, калонкі і іншае абсталяванне.