У менскім метро ў актывіста БХД міліцыя шукала ўлёткі



21 сакавіка ў Менску на станцыі метро “Кунцаўшчына” міліцыянт затрымаў каардынатара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Маладэчне Рамана Ганчарова, які ўжо быў затрыманы 8 сакавіка ў Маладэчне, а 10 сакавіка асуджаны на 5 сутак арышту за распаўсюд улётак да маладэчанскага маршу недармаедаў.

У 11:10 міліцыянт падышоў да актывіста і сказаў яму прайсці ў пакой міліцыі для высвятлення асобы. “Паглядзелі яны мае дадзеныя, а потым пачалі шукаць, па іх словах, “забароненыя” ўлёткі. Але іх у мяне не аказалася, і мяне адпусцілі”, – адзначыў Раман Ганчароў.

Сваё затрыманне актывіст звязвае з падрыхтоўкай акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка, якая пачнецца а 14:00 на Акадэміі навук. “Я заклікаю ўсіх людзей выходзіць на гэту акцыю. Гэта наша права і наш абавязак”, – дадаў каардынатар БХД.

Паводле bchd.info